Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэтая праца не прыносіць мне нічога, акрамя асалоды». Як мэнэджар з ІТ-сфэры ўзяўся рабіць беларускамоўныя праекты


Праект «Першы гікаўскі»
Праект «Першы гікаўскі»

Пагутарылі з заснавальнікам і вядоўцам праекту «Першы гікаўскі» пра тое, як узьнікла ідэя, як праект спрыяе пашырэньню беларускай мовы і чаму ён важны.

«Першы гікаўскі» — адзін з найбуйнейшых падкастаў на беларускай мове, адзіны канал з актуальнымі навінамі гік-культуры (ад анг. слэнг. geek — «апантаны і абазнаны ў чымсьці чалавек». — РС). Таксама праект лякалізуе трэйлеры актуальных фільмаў, сэрыялаў, гульняў, анімэ і іншага на беларускую мову і намагаецца прасоўваць іх у інтэрнэце.

«Ідэя ўзьнікла 19 сакавіка 2021 года. У той дзень я ня мог заснуць і спрабаваў знайсьці які-небудзь культурніцка-гікаўскі падкаст на беларускай мове і, на жаль, нічога не знайшоў. На той момант у нас быў буйны расейскамоўны праект, які мы распачалі ў Вільні з добрым тэлеграмам, падкаст-пляцоўкамі, якія мы закрылі з пачаткам вайны. Потым я зьвязаўся з маім сувядоўцам Вадзімам і прапанаваў яму стварыць першы гікаўскі беларускамоўны падкаст, які б апавядаў пра актуальныя навіны гік-культуры», — кажа заснавальнік праекту і вядоўца падкасту «Першы гікаўскі» Аляксей.

Вадзім і Аляксей адразу запісалі пілётны выпуск падкасту і распачалі тэлеграм-канал «Першы гікаўскі» . Ідэя праекту — зрабіць мэдыя на беларускай мове, не абапіраючыся на расейскамоўных інфлюэнсэраў і рэсурсы.

«Спачатку мы проста бралі навіны з Bloomberg Technology, The Insider, The Verge і перакладалі іх на беларускую мову. Цяпер мы так ня робім, у нас каля 70% унікальнага кантэнту, напісанага намі: гэта ці рэрайты, ці цалкам напісаныя намі артыкулы з нашай асабістай думкай. 30% — гэта тое, што мы бяром з розных выданьняў пра тыя пытаньні, у якіх мы дрэнна разьбіраемся, дзе патрэбен фактчэкінг, але мы заўсёды пакідаем спасылкі і адзначаем аўтараў».

Праект «Першы Гікаўскі»
Праект «Першы Гікаўскі»

«Я займаюся тымі навінамі, якія мне было б цікава чытаць самому»

Сам Аляксей амаль 7 гадоў працаваў у ІТ-сфэры на розных пасадах, кіраваў буйным аддзелам motion-дызайну.

«Калі распачаўся праект „Першы гікаўскі“ , я звольніўся. Цяпер гэты праект — галоўная мая праца, якая мне не прыносіць нічога, акрамя асалоды. Мы не зарабляем грошай, а тое, што нам могуць прысылаць, мы просім данаціць палітвязьням Беларусі, палку Кастуся Каліноўскага ці ўкраінскаму „Повернись живим“».

Аляксей прызнаецца, што зь дзяцінства спажывае розны гікаўскі кантэнт, гэта яго і натхняе ў працы над праектам.

«Калі я ў шасьцігадовым узросьце пабачыў сваю першую відэагульню, я адразу зразумеў, што гэта маё. Калі рос, я спажываў вельмі шмат рознага наратыўнага гікаўскага кантэнту: чытаў фантастыку ці фэнтэзі, коміксы. Мне здаецца, што я ўсё жыцьцё жыву ў гэтым кантэнце і спажываю яго. Я займаюся тымі навінамі, якія мне было б цікава чытаць самому».

Такога кантэнту не стае на беларускай мове, лічыць Аляксей.

«Я ўпэўнены ў тым, што беларускую мову трэба пашыраць ня толькі праз палітычны кантэнт і жарты пра ласкацень у ТikTok. Нам увогуле сёньня хапае кантэнту пра мову. Але бракуе буйных інфлюэнсэраў, якія б рабілі, напрыклад, тэхнічны кантэнт, агляды аўтамабіляў, тое, што грунтуецца на сучасным YouTube. Я перакананы, што мова будзе жыць толькі ў тым выпадку, калі людзі будуць спажываць той кантэнт, які іх цікавіць, а ня толькі палітычны».

Пры гэтым праект не застаецца ў баку ад палітычнай сытуацыі: каманда просіць данаціць палітвязьням, палку Каліноўскага, УСУ.

«Мы зрабілі ўсё, каб людзі першымі пабачылі трэйлер не на расейскай ці ангельскай, а на беларускай мове»

«Першы гікаўскі» таксама лякалізуе трэйлеры актуальных фільмаў, сэрыялаў, гульняў, анімэ на беларускай мове.

«Адзін з нашых чытачоў, а цяпер наш блізкі сябра Арцём, у якога ёсьць канал „Міла-Гучна“, пачаў перакладаць трэйлеры на беларускую мову. Мы яго заўважылі, калі ў яго было недзе 10 падпісантаў на YouTube, пачалі супрацоўнічаць. Слалі яму трэйлеры для перакладу, цікавыя і нам, і яму».

Цяпер Арцём таксама працуе ў рэдакцыі «Першы гікаўскі» .

«Вось учора выйшаў трэйлер „Мандалорца“, 3-і сэзон. Мы зрабілі ўсё для таго, каб людзі першым пабачылі трэйлер не на расейскай ці ангельскай, а на беларускай мове. Арцём яго пераклаў праз гадзіну пасьля таго, як Disney выклаў яго на свой афіцыйны ютуб-канал».

Аляксей заўважае, што, каб перакладаць фільмы афіцыйна, трэба будаваць новую Беларусь з арганізацыямі, якія змогуць купляць правы.

«У нас цяпер вельмі шмат аматарскіх студый, маленькіх і буйных, напрыклад Anibel ці „Агучка „Кавярня““, якія перакладаюць пірацкія копіі. Можна паглядзець на гісторыю буйных перакладніцкіх кампаній, тая ж LostFilm пачыналася як пірацкая студыя. Таксама студыя Kubik v Kube, якая перакладала цалкам пірацкі кантэнт, але стала вядомай, бо ў іхных перакладах было шмат лаянкі».

Аляксей лічыць, што кожная беларускамоўная студыя перакладу ў новай Беларусі зможа ператварыцца ў афіцыйную, купляць правы на пераклад, выкладаць кантэнт на стрымінгавыя сэрвісы і паказваць у кінатэатрах.

«Цяпер я жыву ў Літве, і тут я размаўляў зь людзьмі, якія таксама займаліся аматарскімі перакладамі ў 90-я. Яны перакладалі і амэрыканскія баевікі, і расейскамоўныя фільмы на літоўскую мову. Яны таксама пачыналі з глыбокага андэрграўнду і праз 10 гадоў увайшлі ў рынак і пачалі перакладаць афіцыйна», — тлумачыць Аляксей.

«Нам пагражалі пазовамі ў суд»

Да рэдакцыі праекту «Першы гікаўскі» далучыўся яшчэ і заснавальнік каналу «Мышыны пераклад» Данііл, які перакладае сучасныя коміксы «God of War», «Star Wars», «Чалавек-павук» і іншыя.

«У нас у рэдакцыі цяпер 4 чалавекі. Мы шукаем яшчэ 2 рэдактараў, якія маглі б дапамагаць займацца перакладам і напісаньнем нататак і артыкулаў, бо нашай рэдакцыі не хапае асабістых думак у некаторых момантах. Мы шукаем людзей, якім было б цікава папрацаваць з гікаўскім кантэнтам, прасунуць свае асабістыя рэсурсы, бо нашая палітыка ў тым, што кожны чалавек, які прыходзіць нам дапамагаць, можа прасоўваць свае сацсеткі, каналы і суполкі».

Здаровая канкурэнцыя толькі дапамагае, мяркуе Аляксей.

«На жаль, на гэты момант мы найбуйнейшы канал з гікаўскім кантэнтам на беларускай мове. На жаль — бо нас толькі 1300 чалавек, а мы ўжо самыя буйныя. Калі зьяўляюцца маленькія каналы, якія робяць тэхнічныя навіны, мы заўсёды іх рэпосьцім, стараемся іх падтрымаць, бо мы верым і ўпэўненыя ў тым, што здаровая канкурэнцыя дапаможа нам вырасьці і стаць лепшымі спэцыялістамі».

Таксама Аляксей раіць усім, хто хоча рэалізаваць сваю ідэю, не баяцца хэйту. Бо каманда каналу сутыкнулася зь вялізнай яго хваляй на самым пачатку.

«Не перадаць словамі, як нас толькі ня лаялі, чым нас толькі не называлі. Нам пагражалі пазовамі ў суд, тэлефанавалі. Адзін чалавек, які намагаецца папулярызаваць беларускую мову і робіць гэта ўжо шмат гадоў, выдае кнігі, тэлефанаваў нам і па-расейску крычаў у тэлефон, што з такім, як ён, нельга жартаваць і што можна „папасьці“ на некалькі мільёнаў эўра, калі мы далей будзем лякалізаваць які-небудзь кантэнт (хаця кантэнт яму не належаў)».

Аляксей дадае, што ня варта саромецца і баяцца распачынаць нават самыя нестандартныя ідэі.

«Любая творчасьць — гэта клёва. Калі вы аматар мабільных гульняў і хочаце рабіць агляды — рабіце. „Першы гікаўскі“ заўсёды гэта падтрымае, дапаможа прасунуць, каб знайшліся карыстальнікі, якія гэта прачытаюць, прагледзяць, паставяць падабайку і з кімсьці падзеляцца».

Таксама праект мае багата плянаў, якія ўжо рэалізуюцца, сьцьвярджае яго натхняльнік.

«У нас зьявіўся ютуб-канал, падкаст будзе выходзіць зь відэавэрсіяй. Таксама мы пачынаем рабіць ютуб-шоў, прысьвечанае настольным гульням, такім як „Паўстанцы“. Мы хочам сабраць беларускіх інфлюэнсэраў, каб разам пагуляць на відэа ў гульні і паказаць, што гэта магчыма. Таксама мы хочам гуляць у Dungeons & Dragons. Яшчэ мы хочам рабіць відэанавіны, але пакуль не знайшлі рэдактара».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG