Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падчас матчаў звыклае турэмнае жыцьцё нібы спыняецца». Расказваем пра беларускі футбол за кратамі


Стадыёны, форма, прафэсійныя футбалісты і нават чэмпіянаты. Самы папулярны від спорту ў сьвеце існуе і ў беларускіх калёніях.

З 20 лістапада ўвагу футбольных заўзятараў з усяго сьвету прыцягвае чэмпіянат сьвету ў футболе, які сёлета праходзіць у Катары. Беларуская зборная яшчэ ніколі ня ўдзельнічала ў такім турніры, а магчымасьці клюбаў і зборнай Беларусі моцна абмежаваныя пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне і саўдзелу ўладаў Беларусі ў агрэсіі супраць краіны-суседкі. Посьпехаў на міжнароднай арэне таксама няма, футбалістам застаецца ўдзел ва ўнутраных турнірах — чэмпіянаце і розыгрышы футбольнага кубка. Ёсьць у Беларусі і такі футбол, пра які ведае толькі даволі вузкае кола людзей. У матэрыяле Свабоды журналіст і былы палітвязень Алег Грузьдзіловіч расказвае пра футбол за кратамі.

«Футбол быў першым, што я пабачыў у калёніі»

Алег быў арыштаваны ў канцы сьнежня 2021 году. Некалькі месяцаў правёў у СІЗА, пасьля суду адбываў пакараньне ў калёніі пад Магілёвам. Расказвае, што пасьля пераводу туды спачатку мусіў адбыць так званы карантын — правесьці некалькі тыдняў асобна ад іншых вязьняў. Але зь мясцовымі «футбалістамі» сутыкнуўся амаль адразу пасьля пераводу зь СІЗА.

Алег Грузьдзіловіч
Алег Грузьдзіловіч

«Футбол быў першым, што я пабачыў у калёніі, — расказвае Алег. — Нас выводзілі з карантыннага бараку ў лазьню, пашыхтавалі на вуліцы. Побач ішла будоўля, людзі везьлі на вазках аконныя рамы. Зэкі, але апранутыя, як звычайныя рабацягі. І вось ідзём мы паміж двух корпусаў, нейкая брама. Паварочваем налева — і тут я раптам бачу стадыён, засыпаны пяском. А на ім ганяюць мяч хлопцы. Зь нейкай вар’яцкай хуткасьцю. Як быццам у іх нейкая батарэйка ўнутры. Я такіх хуткасьцяў у жыцьці нармальным ня бачыў. Магчыма, людзі так выседжваюцца за кратамі, што потым настолькі хутка бегаюць. Я ня ведаю».

З словаў Алега, футбольны стадыён у калёніі моцна адрозьніваецца ад таго, які можна пабачыць у вольным жыцьці. Гэта прастакутная пляцоўка, засыпаная ўтрамбаваным пяском. Агароджаная па пэрымэтры. Па пэрымэтры таксама пратаптаная сьцежка, дзе ахвочыя займаюцца бегам, у тым ліку падчас футбольных матчаў.

«На другім баку стадыёна арганізаваныя трыбуны, — успамінае Алег. — Там вязьні заўзелі за каманды стоячы. Заўзятары ўсе ў чорным. Вядома, ніхто асабліва не крычыць, такога няма. Але сьвіст ці воклічы бываюць. Ахоўнікаў пры гэтым не відаць. Сам стадыён агароджаны высокім плотам з мэталічнай сеткі. Ахоўнікі запускаюць туды гульцоў і заўзятараў, і самі не ідуць далей. Назіраюць звонку. Стадыён крыху меншых памераў, чым звычайны футбольны, але вялікі. Брамы таксама меншыя. Гэта нешта сярэдняе паміж хакейнай пляцоўкай і звычайным футбольным стадыёнам».

Шклоў, папраўчая калёнія №17. Стадыён. Фота: Google Maps
Шклоў, папраўчая калёнія №17. Стадыён. Фота: Google Maps

«Ты быццам на нейкі момант забываеш пра турму»

Як расказвае Алег, гуляюць у футбол вязьні звычайна ў спартовай форме — футболкі, майткі і абутак. Пры гэтым падчас «засяленьня» ў калёнію мець пры сабе такі рэчы забаронена. Усё гэта пазьней зьняволеным перадаюць родныя пры спатканьнях.

«Хтосьці гуляе нават у спартовых штанах, калі холадна, — кажа былы палітвязень. — На нагах красоўкі. Мне ўсё гэта вельмі цікава было паглядзець, вядома. Як быццам ты на нейкі момант забыў пра турму і апынуўся ў нармальным жыцьці. Пасьля мяне вярнулі на карантын, а адтуль я ўжо ў ШЫЗА трапіў. І вось іду адтуль з сваім вялізным матрацам, чалавек вядзе мяне ў атрад. І аказалася, што мой 9-ы атрад акурат насупраць стадыёну. А там зноў бегаюць, гуляюць зэкі. Было ўражаньне, што яны ўвесь час гуляюць у футбол. І так яно амаль што і бывае».

З словаў былога палітвязьня, футбол настолькі папулярны за кратамі, што ў калёніі нават праводзяць уласны чэмпіянат, які цягнецца некалькі летніх месяцаў. Свая каманда ёсьць у кожным атрадзе, а іх у калёніі Алега было каля дваццаці. Не гулялі толькі сядзельцы з так званага «пэнсіянэрскага» атраду, дзе сабралі вязьняў пажылога ўзросту.

«Футбол — гэта другі паводле папулярнасьці спорт у калёніі пасьля трэнажэраў, — расказвае Алег Грузьдзіловіч. — Самаробныя трэнажэры каля кожнага атраду ёсьць. А на стадыён ужо прыходзяць толькі аматары футболу. На выходных стадыён заняты ўвесь час. Адныя каманды прыходзяць, іншыя сыходзяць. Графік робяць. У будны дзень таксама, калі работы скончаныя. Яны заканчваюцца прыкладна каля 14-й гадзіны, бывае і раней, тады вязьні адразу ідуць гуляць альбо заўзець».

«Падчас чэмпіянату калёніі вязьням дазволеная нават каляровая форма»

Алег кажа, што адміністрацыя калёніі нават вітае захапленьне вязьняў футболам, бо яны тады чымсьці занятыя і не сядзяць у атрадах, нічога ня робячы. Людзі стараюцца запісацца на стадыён амаль пагалоўна, але ўдаецца ня ўсім.

«Я пайшоў да начальніка атраду з заявай, а ён мне сказаў, што не, што я там „буду кучкавацца і ячэйкі ўсякія ствараць“, — успамінае Алег. — То мне загадалі сядзець у атрадзе. І акурат пачаўся чэмпіянат калёніі».

Паводле былога палітвязьня, для чэмпіянату вязьням дазволілі мець нешта накшталт формы. Звычайна вязьням не дазваляюць мець сьветлае ці каляровае адзеньне. Толькі цёмнае і шэрае. Але футболу гэта не датычыць.

«Я са зьдзіўленьнем пабачыў, што хлопцы прыходзяць на стадыён, пераадзяваюцца — і ў іх усё рознакаляровае, — кажа Алег. — Аказваецца, на футболе можна. Гэта ўсё вязьні атрымліваюць альбо ў пасылках, альбо на спатканьнях. Неяк умудраюцца мець. У выніку адна каманда бегае ў чырвоных футболках, другая ў белых. А ніз, гетры — ужо хто як. Нумароў на сьпінах ня памятаю. Каманда звычайна 6-7 чалавек. Буцаў няма, красоўкі звычайныя. Замены таксама іначай адбываюцца. Пабегаў чалавек і адпачывае, замест яго нехта іншы. Потым зноў мяняюцца».

Пільнуюць парадку на матчах, як кажа Алег, адмыслова выбраныя судзьдзі, таксама зь ліку вязьняў. Яны нават маюць сьвісткі. Ёсьць і таблё, на якім вывешваюць лік. Падчас чэмпіянату на наведваньне стадыёну ў пэўны час запісваюцца як гульцы, так і гледачы. А вось адмысловага агляду пры ўваходзе на стадыён у калёніі няма.

Вейна, папраўчая калёнія № 15. Стадыён. Фота: Google Maps
Вейна, папраўчая калёнія № 15. Стадыён. Фота: Google Maps

«Людзі за кратамі заўзеюць больш аддана, больш эмацыйна»

Алег расказаў, што ў кожнай камандзе на чэмпіянаце калёніі можна было вылучыць 2-3 чалавек, якія гулялі на вышэйшым за іншых узроўні.

«Мячы ў кожнай каманды свае, яны захоўваюцца ў капітана, — успамінае Алег. — Я ў атрадзе акурат трапіў у пакой, дзе жыў капітан нашай каманды. Мячы захоўваліся ў шафе. Прычым фармальна гэта ўсё забаронена трымаць. Правяраюць па сьпісах рэгулярна. Тумбачкі, шафы. Бываюць незаплянаваныя кантралёры ў выходныя пэрыядычна. Усё правяраюць. Але футбольных мячоў не чапае ніхто. Да спартовага адзеньня таксама не чапляюцца». Былы палітвязень таксама расказвае, што футбольныя матчы ў калёніі адрозьніваюцца ад гульняў на свабодзе яшчэ і лексыкай. За кратамі катэгарычна забароненае выкарыстаньне мацюкоў, хоць гэтае правіла часта вязьні абыходзяць. Карыстацца словамі, якія ганебна апісваюць асобаў нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі, што часта здараецца на стадыёнах на ўсім сьвеце, у калёніях катэгарычна нельга. Такі ўчынак можа мець самыя трагічныя наступствы.

«Калі так скажаш, то будзеш адказваць за свае словы, — гаворыць Алег. — Эмоцыі, вядома, выказваюць вязьні-футбалісты і гледачы. Мне наагул здалося, што там заўзеюць людзі больш аддана, больш эмацыйна. Калі каманда з нашага атраду выйшла ў фінал, то частка вязьняў пайшла на стадыён, а частка назірала за гульнёй проста з вакна. Чалавек 20 набіліся туды. Ім ужо цяжка было глядзець. Я ў сваім пакоі быў тады і нават адтуль дакладна ведаў пра падзеі гульні. Увесь корпус тросься. У фінале нашы пасьля выйгралі. Цікава, што калі ў атрад заходзілі кантралёры, то яны не чапалі заўзятараў, не ганялі іх. На час футбольных матчаў звыклае турэмнае жыцьцё нібы спынялася, было крыху нармальнасьці ў нас». «Заўважыў у нашай камандзе добрага гульца, ён аказаўся былым паўабаронцам «Крумкачоў»

Алег таксама расказвае, што канфліктаў паміж заўзятарамі розных камандаў у калёніі, як і паміж футбалістамі, не бывае. За гэтым вельмі пільна сочаць ахоўнікі, пры любой вострай сытуацыі людзей разводзяць па розных атрадах.

«Чэмпіянат у нашай калёніі працягваўся даволі доўга, — расказвае Алег. — Памятаю сходы вязьняў: кіраўнік атраду на іх абвяшчаў, колькі мы маем спагнаньняў і колькі заахвочаньняў. Рапартуе так — што на вытворчасьці, што ў культуры ў нас. І агучвалі таксама і футбольныя дасягненьні — і якія ў нас яшчэ сустрэчы, і якія прамежкавыя дасягненьні, і нарэшце мы выйшлі ў фінал і мы перамаглі. Я глядзеў за гэтай гульнёй. Але яшчэ раней заўважыў, што ў нашым атрадзе адзін вельмі добры футбаліст ёсьць. І аказалася, што гэта былы гулец «Крумкачоў».

За краты былы прафэсійны футбаліст трапіў у 2018 годзе, ён быў асуджаны па «наркатычным» 328 артыкуле. Алег расказвае, што ў выніку перамогі ў чэмпіянаце калёніі былому футбалісту дазволілі працягваць адбываць пакараньне ўжо на «хіміі».

«Я ня ведаю дакладна, ці было гэта вынікам нашай перамогі альбо ў яго проста так тэрмін падыходзіў, — кажа Алег. — Бо калі дзьве траціны тэрміну прайшло, то могуць перавесьці, калі спагнаньняў няма і ёсьць заахвочаньні. Але, хутчэй за ўсё, гэта было зьвязана з чэмпіянатам, бо яго перавялі ўжо праз 2-3 дні пасьля фіналу. У нас у атрадзе застаўся кубак пераможцаў, гэты хлопец яго пакінуў нам. Такая тыповая спартовая ваза. Паставілі ў атрадзе на паліцы».

Алег таксама кажа, што ахова калёніі альбо афіцэры, адказныя за атрад, футболам зьняволеных не цікавяцца. Прынамсі, ён не заўважаў, каб яны заўзелі за кагосьці. Але ставяцца да «футбалістаў» прыязна, падчас гульняў сочаць за падзеямі на стадыёне.

«У тэлевізары футбол у калёніях не глядзяць»

Алег гаворыць, што наўрад ці нехта зь вязьняў зараз мае магчымасьць сачыць за чэмпіянатам сьвету ў Катары. Нейкая інфармацыя аб гэтых матчах можа трапляць у калёнію ад родных. Магчыма, з навінаў БТ, калі там штосьці вырашаць расказаць пра вынікі гульняў. Іншай інфармацыі няма.

«Там увогуле дзіўныя адносіны да спорту ў тэлевізары, — кажа былы палітвязень. — У любым атрадзе, як правіла, палова моладзі. А другая палова — людзі сярэдняга ўзросту. І ў іх вельмі не супадаюць густы што да прагляду тэлевізара. А ён адзін жа. Звычайна тэлевізар захопліваюць тыя, каго большасьць. Мне ніводнага разу не ўдалося паглядзець футбол. Нават калі ўдавалася на пяць хвілін уключыць, то хтосьці там сядзеў, нейкі вязень, які пераключыць. Знойдзе нейкі тупы фільм і будзе глядзець. Звычайна чамусьці тыя захопліваюць, хто паводле 328-га артыкулу сядзяць. Такая публіка».

Як расказвае экс-палітвязень, ад футболу за кратамі ў яго засталося збольшага пазытыўнае ўражаньне. Алег гаворыць, што адчуў там сапраўдную шчырую цікавасьць да гэтага віду спорту.

«За кратамі гульня ў футбол — гэта яшчэ і ўдзел у грамадзкім жыцьці калёніі, атраду, — кажа былы палітвязень. — За гэта вязьні атрымліваюць заахвочаньні ад кіраўніцтва. Гэта лічыцца плюсам. Там жа ня толькі спагнаньні ёсьць — цэлая сыстэма існуе такіх рэчаў, якая нібы перавыхоўвае чалавека. Шмат каму важна мець заахвочаньні. Каманды, якія прайграюць, таксама іх атрымліваюць. Але я скажу, што людзі за кратамі гуляюць у футбол не за гэта. Гуляюць, каб атрымаць задавальненьне. Гэта такі чысты футбол. Ні за грошы, ні за што, толькі для сябе, за адчуваньне свабоды».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG