Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі амаль 70% апытаных выступаюць за ўвядзеньне візавага рэжыму з Расеяй 


Людзі на дарозе ў бок КПП "Верхні Ларс" на расейска-грузінскай мяжы. Ілюстрацыйнае фота
Людзі на дарозе ў бок КПП "Верхні Ларс" на расейска-грузінскай мяжы. Ілюстрацыйнае фота

Згодна з вынікамі дасьледаваньня, праведзенага амэрыканскім Нацыянальна-дэмакратычным інстытутам (NDI) у сьнежні мінулага года, большасьць грамадзян Грузіі незадаволены палітыкай свайго ўрада ў дачыненьні да мігрантаў з Расеі, а таксама выступаюць за ўвядзеньне з РФ візавага рэжыму.

Аб тым, што яны не ўхваляюць палітыку ўрада Грузіі ў адносінах да прыежджых з Расеі, паведамілі 57% апытаных; 29% рэспандэнтаў лічаць падыход уладаў прымальным; яшчэ 14% — ня ведаюць ці адмовіліся адказваць.

Акрамя таго, 69% апытаных NDI грамадзян Грузіі выступаюць за ўвядзеньне ўязных віз для расейцаў, 21% — супраць, а 10% не знайшліся, што адказаць. Пераважная большасьць апытаных (69%) пры гэтым лічаць, што міграцыя расейцаў у Грузію будзе мець нэгатыўныя наступствы.

Аўтары апытаньня адзначаюць, што грузіны адрозьніваюць расейцаў і расейскі ўрад. Так, 80% грамадзян Грузіі адмоўна ставіцца да ўраду РФ. Пры гэтым аб станоўчым стаўленьні да саміх расейцаў паведамілі 56% апытаных. Аб адмоўным стаўленьні да грамадзян Расеі заявілі 38% рэспандэнтаў.

За апошні год вырасла колькасьць грузінаў, якія абвінавачваюць у пачатку вайны ва Ўкраіне не Расею, а прэзыдэнта краіны Ўладзіміра Пуціна. У сакавіку 2022 года Пуціна вінавацілі 11% апытаных NDI, а ў сьнежні — ужо 25%. Расею пры гэтым абвінавачваюць 54% рэспандэнтаў.

  • Грузія ў аднабаковым парадку адмяніла ўязныя візы для расейцаў у 2012 годзе. Гэта адбылося на ініцыятыву тагачаснага прэзыдэнта краіны Міхаіла Саакашвілі.
  • У 2022 годзе Грузія была адной з самых папулярных краін, куды расейцы сталі зьяжджаць пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны. Па дадзеных Расстата, за мінулы год туды зьехала каля 873 тысяч грамадзян РФ.
  • Пасьля пачатку мабілізацыі ў Грузію пачалі прыбываць расейцы, якія падпадаюць пад прызыў. У сярэднім, па дадзеных МУС Грузіі, у канцы верасьня ў краіну штодня заяжджалі каля 10-11 тысяч расейцаў. Улетку, у турыстычны сэзон, гэтая колькасьць не перавышала 5–6 тысяч. Многія з іх затым зьяжджалі ў трэція краіны, пераважна, у Армэнію і Турцыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG