Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Гомля: «Маляры з „Гомсельмаша“ фарбуюць гарматы на радыёзаводзе»


На Гомельскім радыёзаводзе. Архіўнае фота
На Гомельскім радыёзаводзе. Архіўнае фота

Напрыканцы 2022 году стала вядома, што Гомельскі радыёзавод пачаў працэдуру далучэньня да холдынгу «Гомсельмаш». Раней прадпрыемства займалася выпускам і рамонтам вайсковай прадукцыі.

Як улады тлумачаць далучэньне радыёзаводу да «Гомсельмаша»

Гомельскае тэлебачаньне (канал «Беларусь 4») 10 студзеня сьцісла паведаміла пра далучэньне Гомельскага радыёзаводу да холдынгу. У сюжэце зазначылі, што «Гомсельмаш» нарошчвае аб’ёмы вытворчасьці «ў тым ліку дзякуючы беларуска-расейскаму праекту па імпартазамяшчэньні». Што гэта за праект — не паведамляецца.

«Нашым суседзям (маецца на ўвазе Расея. — РС) будуць накіроўвацца камплекты складаных дэталяў, якія раней імпартаваліся зь іншых краін», — гаварылася ў сюжэце.

Па вэрсіі дзяржаўнай прапаганды, радыёзавод спатрэбіўся «Гомсельмашу» таму, што мае «дадатковыя плошчы» і кадравы патэнцыял. Паводле афіцыйных дадзеных, на радыёзаводзе ў Гомлі цяпер працуюць 164 чалавекі. «Мы пачалі супрацоўніцтва з радыёзаводам у сярэдзіне мінулага году, калі атрымалі заказ на выпуск імпартазамяшчальнай прадукцыі», — паведаміў галоўны інжынэр «Гомсельмаша» Віктар Пінчук. Што гэта за прадукцыя — ён не сказаў.

Пра таямнічы «беларуска-расейскі праект па імпартазамяшчэньні» піша і гомельскае выданьне «Белка», паўтараючы слова ў слова за тэлебачаньнем пра «камплекты складаных дэталяў».

«Праблемы з выплатай заробкаў зьявіліся ў 2017 годзе, тады мы пачалі браць крэдыты і скарачаць штат. І хоць у 2021–2022 сытуацыю ўдалося больш-менш выраўняць, старыя даўгі даюць пра сябе знаць. За мінулы год фінансавыя страты заводу склалі 900 тысяч рублёў, 450 зь іх — даўгі за электраэнэргію мінулых гадоў», — паведаміў выданьню дырэктар радыёзаводу Ігар Сямкоўскі.

Рамонт бранятэхнікі і артылерыйскіх сыстэм

Гомельскі радыёзавод быў заснаваны ў 1969 годзе. У савецкія гады тут працавалі 10 тысяч чалавек, цяпер жа штат — 164 супрацоўнікі.

У 2010 годзе прадпрыемства ўжо «ўставала з калень» — займалася вайсковай вытворчасьцю: рамонтам бранятэхнікі, артылерыйскіх сыстэм, тут рабілі радыёлякацыйнае абсталяваньне. Замовы паступалі з краін Усходу, у тым ліку Сырыі і Лібіі.

На чарговым этапе заняпаду, які прыпаў на наступнае дзесяцігодзьдзе (2010–2020 год), радыёзавод прапаноўваў спажыўцам палівалкі, транспартэры для гародніны, прычэпы, табурэткі і сталы, люстры.

«На радыёзавод езьдзяць работнікі „Гомсельмаша“, фарбуюць гарматы і вайсковую тэхніку з фронту»

Крыніца Свабоды паведаміла, што цяпер Гомельскі радыёзавод рамантуе вайсковую тэхніку, якая прыйшла «пабітая» з фронту ва Ўкраіне.

«Прынамсі, цяпер езьдзяць работнікі „Гомсельмаша“ ў камандзіроўкі на радыёзавод і фарбуюць там гарматы і вайсковую тэхніку. Сам радыёзавод яшчэ два-тры гады таму быў цалкам труп, за тры апошнія гады скарацілі пэрсанал з 550 да 160 чалавек, распрадавалі маёмасьць. Цяпер у іх нейкі сакрэтны „беларуска-расейскі праект“, няцяжка здагадацца які», — мяркуе суразмоўца.

Іншая крыніца расказвае, што цяпер падземныя цэхі радыёзаводу «акупавалі вайскоўцы». «Там ёсьць закрытыя падземныя цэхі, там цяпер толькі вайскоўцы, цывільных туды і не дапускаюць. Вайскоўцы заяжджаюць туды на сваёй тэхніцы, прычым без надгляду», — кажа суразмоўца.

На сайце радыёзаводу паведамляецца, што гэта «адно з найбольш стабільных прадпрыемстваў у галіне машынабудаваньня». «Прадпрыемства ажыцьцяўляе капітальны рамонт зэнітна-ракетных, артылерыйскіх і радыёлякацыйных сыстэм».

Паводле той жа старонкі ў інтэрнэце, Гомельскі радыёзавод вырабляе, сярод іншага, камплекты запасных частак і абсталяваньня да гармат-гаўбіц «Хіцін», самаходнай гаўбіцы «Акацыя», і гарматы «Гіяцынт-Б». Завод робіць таксама капітальны рамонт і мадэрнізацыю зэнітна-ракетных комплексаў С-300В, «Стрела-10М», «Бук», радыёлякацыйных станцый «Небо», аўтаматычнага мінамёта «Василек» і іншых, рамантуе і мадэрнізуе вайсковую тэхніку.

Што зь іншай вайсковай актыўнасьцю на Гомельшчыне?

Жыхары Гомля расказваюць, што рэгулярна бачаць у горадзе расейскіх вайскоўцаў. «Але іх не так шмат, як гэта было ўвесну. Зрэдку можна сустрэць у крамах ці ў цэнтры гораду», — кажа жыхар Гомля.

Ён дадаў, што бачыў, як па Гомлі рухаліся чатыры аўтамабілі «КАМАЗ» з прычэпамі, якія везьлі супрацьтанкавыя бэтонныя трохвугольнікі. «Ехалі з боку мікрараёну Сяльмаш, далей па вуліцы Барыкіна ў бок заводу вымяральных прыбораў. Магчыма, на мяжу з Украінай паехалі», — сказаў жыхар Гомля.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG