Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму гвалтуюць падчас вайны. Размова зь беларускай, якая дапамагае жанчынам у вайну


Чым адрозьніваюцца згвалтаваньні ў мірны час і ў вайну? Чаму гэтая зьява шырока распаўсюджваецца падчас любых войнаў і прычым тут патрыярхат? Чым падобныя і чым розьняцца згвалтаваньні нямецкіх жанчын савецкімі вайскоўцамі пад канец Другой сусьветнай вайны і цяперашнія — украінскіх жанчын расейскімі салдатамі? Што трэба жанчыне зрабіць найперш, калі яна стала ахвярай згвалтаваньня? Тлумачыць беларуская грамадзкая актывістка, фэміністка Наста Базар.

Наста Базар — грамадзкая актывістка, удзельніца пратэстаў, блогерка. У 2020 годзе праз палітычны перасьлед зьехала ў Кіеў зь дзьвюма дочкамі, адкрыла там Беларускі хаб, дзе людзі ў выгнаньні маглі атрымаць дапамогу ці проста правесьці час, пазьбегнуць сацыяльнага вакуўму ў новай краіне. Зімой 2021 году пераехала ў Польшчу, дзе дапамагала беларускім эмігранткам і бежанкам. З пачаткам вайны актыўна дапамагае бежанкам і бежанцам з эвакуацыяй, расьсяленьнем, адаптацыяй. Асобную ўвагу аддае падтрымцы жанчын, што пацярпелі ад сэксуальнага гвалту на вайне. Сама сябе называе нізавой актывісткай.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Асноўныя тэзісы Насты Базар

Пра «Rape kit», набор для збору доказаў пасьля сэксуальнага гвалту

Наста Базар
Наста Базар

Калі ёсьць вайна, заўсёды будзе працоўнае рабства, сацыяльнае рабства і сэксуальны гвалт. Я і абсалютная большасьць беларусаў і беларусак, якіх я ведаю, былі ўключаныя ў сытуацыю дапамогі і падтрымкі ад самага пачатку. Нам ня трэба вучыцца, мы ўжо ведаем, як пераяжджаць, як дапамагаць, як адаптавацца, таму наш досьвед быў карысны. Некалькі тыдняў таму зьявіўся запыт на «Rape kit», набор для збору доказаў пасьля сэксуальнага гвалту, і адтуль пачалася ўся гэтая гісторыя.

На дадзены момант ёсьць запыт на дапамогу і ёсьць каму дапамагаць. Усё ідзе ня так хутка, як хацелася б, бо ёсьць шмат дакумэнтальных, бюракратычных момантаў, як гэта ўсё закупіць, давезьці. За гэты час я выйшла на сувязь зь вялікай колькасьцю жаночых арганізацый ва Ўкраіне, грамадзкіх арганізацый, якія займаюцца жанчынамі. Усё, што я зараз магу рабіць, — праз інтэрвію, праз СМІ даносіць да жанчын, што ёсьць тыя, хто паверыць, хто ня будзе патрабаваць доказаў, хто зробіць усё канфідэнцыйна, каб жанчыны не баяліся і зьвярталіся па дапамогу.

Пра гвалт без нацыянальнасьці

Большасьць выпадкаў сэксуальнага гвалту, пра якія мы ведаем, — гэта тыя, калі жанчын прывезьлі ў шпіталі, бо самі яны не маглі ісьці. Жанчыны, якія фізычна могуць хадзіць, пра згвалтаваньне найчасьцей проста ня кажуць.

Я сувязнае зьвяно аднаго ланцуга, у якім ёсьць шмат кантактаў, і калі яны патрэбныя, я іх перадаю. Я не падзяляю жанчын па нацыянальнасьці. Шмат хто кажа, што мы дапамагаем украінкам. Гэта няправільна. Мы дапамагаем не ўкраінкам, мы дапамагаем жанчынам. Я дапамагла пераехаць студэнтцы з Абхазіі, якая вучылася ў Кіеве, дапамагла армянцы, якая ўсё жыцьцё пражыла ва Ўкраіне.

Гэта не пра нацыянальнасьць, і гэта не пра сытуацыю, зьвязаную менавіта з расейскімі вайскоўцамі. Могуць быць абсалютна розныя сытуацыі. Гэта могуць быць проста мужчыны, якія разумеюць, што зараз усёдазволенасьць, што няма сьведак, што ня будзе пакараньня. Калі будзе запыт, мы дапаможам кожнай жанчыне.

Пра канкрэтную дапамогу

Я на сталай сувязі зь Міністэрствам аховы здароўя Ўкраіны, з арганізацыямі ў Эўразьвязе і ва Ўкраіне, якія гэтым непасрэдна займаюцца. Пасьля аднаго з інтэрвію да мяне зьвярнуліся жанчыны з маленькай украінскай вёсачкі і папрасілі дапамагчы выехаць. Большасьць зь іх ніколі не былі за мяжой, ім былі патрэбныя парады, як ня трапіць у дрэнную сытуацыю. Для мяне было радасна, што тры жанчыны і пяцёра дзяцей выехалі. Я ведаю, што тыя жанчыны, якіх я сустрэла на мяжы і завезла некуды, зь якімі я на сувязі, прынамсі ўжо не пацярпяць. Цяпер я на сувязі яшчэ з адной жанчынай.

Пра рэальныя маштабы згвалтаваньняў у вайну

Баюся, што пра прыблізны маштаб мы даведаемся праз шмат гадоў. Сьвятлана Алексіевіч напісала кнігу «У вайны не жаночы твар» праз 60 гадоў пасьля вайны. З таго, што я цяпер ведаю, з таго, што агучваецца, жанчыны тэлефануюць да псыхалягінь і хочуць захаваць ананімнасьць. Ня хочуць размаўляць нават праз Zoom. Гэта жанчыны з Бучы, з маленькага гарадка, і яны баяцца, што потым ня змогуць наладзіць прыватнае жыцьцё.

Ёсьць статыстка мірнага часу ў Беларусі і ў Расеі, паводле якой зьвяртаюцца па дапамогу ад 10% да 20% згвалтаваных жанчын. Таму мы можам агучаныя лічбы (Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Людміла Дзянісава 22 красавіка паведаміла, што большасьць з 400 грамадзян, якія зьвярнуліся па псыхалягічную дапамогу, сталі аб’ектамі сэксуальных злачынстваў расейскіх салдат. — РС) памножыць на дзесяць у ваенны час.

Пра сэксуальны гвалт як дэманстрацыю ўлады

На жаль, вялікую колькасьць жанчын і дзяўчат, дзяўчатак, хлопчыкаў (асабліва хлопчыкаў) забіваюць пасьля гвалту. Таму я думаю, што наўрад ці мы зможам падлічыць усіх. І наўрад ці зможам пакараць усіх. Вядома, што ў мірны час гвалтаўнікі выбіраюць у ахвяру хлопчыка толькі з той прычыны, што хлопчыкі ніколі пра гэта не раскажуць.

Сэксуальны гвалт — гэта не пра сэкс, не пра сэксуальнае задавальненьне, гэта пра ўладу, пра прыніжэньне, пра дзікунства, якое ёсьць у душы і якое пры такіх умовах мае магчымасьць выйсьці вонкі.

Ці ёсьць загад гвалціць

Я ня ведаю, ці былі загады гвалціць. Усё ж веру ў перахопленыя тэлефонныя размовы, калі муж з жонкай пра гэта размаўляюць і жонка кажа: «Гвалтуй, але толькі засьцерагайся і мне не кажы пра гэта». Я лічу, што гэта неагучаны загад. Псыхалягіня, якая працуе з ахвярамі згвалтаваньня, паведамляла пра прыкладна 85 запытаў да яе на тыдзень. Паводле яе, амаль няма выпадкаў адзіночнага згвалтаваньня, усё гэта групавыя згвалтаваньні. Для мяне гэта ўсё пра ўладу і пра зьнішчэньне нацыі.

Пра вайну як прадукт патрыярхату

Сэксуальны гвалт на вайне быў заўсёды. І каб яго не было, трэба прыпыніць вайну. Вайна — прадукт патрыярхату. У патрыярхальным сьвеце жанчыны заўсёды будуць аб’ектам, а не суб’ектам, ня будуць мець магчымасьці выбіраць так, як выбіраюць мужчыны. Можа, у некаторых жанчын ёсьць жаданьне ваяваць і разьвязваць вайну, але гэты адсотак нашмат меншы, чым у мужчын. Мне падаецца, што надышоў час прызнацца, што ўсё, трэба мяняць сьвет цалкам. Што дае магчымасьць гвалту агулам? Адчуваньне сваёй моцы, адсутнасьць сьведак і гэтая нармалізацыя гвалту, якая ёсьць ва ўсіх краінах былога СССР (б’е — значыць любіць).

Пра мэту прынізіць і зьнішчыць

Ёсьць розныя паводзіны гвалтаўнікоў. У адным выпадку мэта — паглуміцца, прынізіць, у другіх выпадках — зьнішчыць. Калі гвалцяць дзяцей на вачах у маці, калі перад расстрэлам бацькоў ім кажуць, што вашых дзяцей не расстраляем, каб яны заўсёды паважалі расейскае войска. Гэта зусім пра чорныя бакі чалавецтва. Калі і не было канкрэтнага загаду, то гэта, безумоўна, робіцца з дазволу.

Пра траўму ахвяры, калі твар гвалтаўніка закрыты

У абсалютнай большасьці людзей, якія гвалтуюць, закрыты твар, відаць толькі вочы. Каб іх не знайшлі. З псыхалягічнага пункту гледжаньня гэта асобная траўма. Калі твар ня бачны, жанчыны пачынаюць бачыць гвалтаўніка абсалютна ва ўсіх мужчынах.

Пра вынішчэньне нацыі

І трэба прызнаць, што гэта мэтанакіраванае вынішчэньне нацыі. Так заўсёды было, на жаль, у вайну. Сьвядома ці несьвядома — вынішчэньне нацыі, каб гэтыя жанчыны потым не маглі нараджаць, каб не нараджаліся ў гэтай нацыі людзі.

Пра пачуцьцё сораму і віны ў ахвяраў

Я заўсёды думала пра сэксуальны гвалт у маральным кантэксьце. Як з гэтым жыць далей? Самае распаўсюджанае пачуцьцё — сораму і віны. Я трошкі мела надзею, што на вайне сораму і віны ня будзе, але гэта ёсьць. Людзі па-ранейшаму баяцца пра гэта гаварыць. Ім па-ранейшаму сорамна і па-ранейшаму ёсьць пачуцьцё віны, што яны маглі нешта зрабіць, але яны не маглі нічога зрабіць. Калі я зрабіла першы пост у сацсетках, гэта атрымала вялікі ахоп, бо мы ўсе траўмаваныя і матываваныя гвалтам, але гэта звычайна сацыяльны гвалт. Калі гэта ўсё пачало раскручвацца, стала зразумела, што многія з гэтых жанчын, дзяўчат пацярпелі фізіялягічна. І гэта не пытаньне, ці зможа яна нарадзіць, гэта пытаньне, ці зможа яна нармальна хадзіць у туалет.

Пра параўнаньне згвалтаваньняў нямецкіх жанчын савецкімі вайскоўцамі ў Другой сусьветнай зь цяперашнімі

Давайце будзем шчырымі, агульнае тут тое, што гвалцяць мужчыны. Нават калі мы кажам пра згвалтаваных хлопчыкаў. Гвалцяць мужчыны, і гэта трэба казаць. Трэба казаць, што гэта патрыярхат, і ад яго цярпяць як жанчыны, так і мужчыны. Я не хачу матрыярхату, гэта таксама перабор, як і патрыярхат, гэта таксама пра ўладу і пра герархію. Я пра гендэрную роўнасьць. І як бы цяпер ні казалі, што цяпер ня час на гэта, — час на гэта быў ужо пазаўчора. Бо тады немагчымая была б вайна, тым больш у такіх маштабах і з такімі зьдзекамі.

Агульнае не паміж савецкімі і расейскімі салдатамі, агульнае — вайна. Вялікая колькасьць гвалту была сярод міратворцаў. Для мяне быў шок, калі я пачытала артыкул пра тое, як амэрыканскія салдаты, якія ратавалі Францыю ад фашызму, гвалцілі францужанак. Агульнае ў гэтым толькі тое, што жанчына — аб’ект, зь якім можна нешта зрабіць. Незалежна ад нацыянальнасьці таго, хто гвалціць, а ў залежнасьці ад гендэру і полу таго, хто гвалціць. Гэта амаль заўсёды мужчына.

Ці можна весьці вайну цывілізавана

Не. Вайна сама па сабе нецывілізаваная. Вайна заўсёды будзе нечалавечнай. Нават калі мы гаворым пра людзей, якія ваююць на баку дабра, якая б ні была мэта (за радзіму, за жанчыну, за сям’ю). Нават калі чалавек гэта робіць за самыя высокія каштоўнасьці, усё роўна гэта адбіваецца на псыхіцы, усё роўна ён траўмаваны. Пры ўсёй пашане да людзей, якія цяпер ваююць і адстойваюць права на існаваньне ня толькі Ўкраіны, але і Эўропы, усё роўна гэтыя людзі будуць вельмі траўмаваныя. Яны вернуцца ў сем’і, і як гэта адаб’ецца на сем’ях, невядома.

Практычныя парады на выпадак згвалтаваньня

  • Калі ў вас ёсьць магчымасьць эвакуацыі, зьяжджайце. Хаця б на нейкі час. Не чакайце да апошняга.
  • Калі гвалт усё ж адбыўся, у гэты момант трэба спрабаваць дыстанцыявацца ад цела, казаць сабе пра тое, што я больш, чым маё цела.
  • Калі гэта здарылася, ведайце, што ёсьць людзі, якія вам вераць, якія нават ня будуць пытацца, як вас завуць. Ёсьць дапамога, ёсьць вялікая колькасьць арганізацый — «Жаночая пэрспэктыва» ў Львове, «Марш жінок» у Кіеве, «Пазытыўныя жанчыны», Ла Страда, Восток-SOS ды іншыя. Гэта людзі, якіх я асабіста ведаю, якія працуюць з гэтым і ні ў якім разе ня зробяць шкоды.
  • Трэба зьвяртацца ў шпіталі ці ў грамадзкія арганізацыі, якія дапамогуць туды трапіць. Гэта трэба для прафіляктыкі вэнэрычных захворваньняў, гепатыту, СНІДу. Лекі для гэтага ёсьць. Мы спрабуем арганізаваць, каб яны былі абсалютна ва ўсіх шпіталях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG