Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хаця б тата змог убачыць, што яна жывая». Сястра Калесьнікавай пра стан Марыі пасьля апэрацыі і спатканьне з бацькам


Тацяна Хоміч і яе сястра Марыя Калесьнікава
Тацяна Хоміч і яе сястра Марыя Калесьнікава

Тацяна Хоміч, сястра Марыі Калесьнікавай, расказала ў інтэрвію «Настоящему времени» дэталі спатканьня палітвязьняволенай з бацькам.

«Сустрэча сапраўды была кароткай — толькі 10 хвілін. Вядома, тата адзначыў, што Маша схуднела — гэта відаць. Выглядае яна нядрэнна. Дактары сьцьвярджаюць, што ёй аказваюць усё неабходнае лячэньне зараз. Але, як вы ўжо адзначылі, яна сапраўды кажа, што цяпер ёй ня вельмі падыходзіць гэтая ежа. І лекары паабяцалі скарэктаваць харчаваньне», — распавяла Тацяна Хоміч.

Паводле Тацяны, у Марыі з бацькам да сустрэчы ў лякарні было некалькі спатканьняў да прыезду Марыі ў калёнію і ўжо пасьля яе прыбыцьця туды.

«Летась [было спатканьне]— адразу пасьля прысуду. Сустрэчы абавязаны дазваляць. Гэта было па гадзіне раз на месяц, летась было чатыры сустрэчы. І месяц таму — у канцы кастрычніка — у таты была сустрэча з Марыяй на чатыры гадзіны. Гэта кароткатэрміновая сустрэча ў калёніі».

Сустрэчу Марыі з бацькам у шпіталі Тацяна лічыць «выключэньнем». Магчыма, яе дазволілі для таго, каб бацька змог пераканацца, што з Марыяй усё ў парадку, лічыць Тацьцяна.

«Марыя са студзеня знаходзіцца ў калёніі, і была толькі адна кароткатэрміновая сустрэча на чатыры гадзіны. Штораз знаходзіліся нейкія прычыны, каб адмяняць гэтыя сустрэчы. Яны павінны былі быць увесну, улетку. Іх адмянялі праз, вядома, надуманыя спагнаньні. Гэтаксама, як і цяпер. Марыя была ў ШЫЗА, 17 лістапада яна паведаміла адвакату, што яна будзе ў ШЫЗА, і гэта стала, зноў жа, наступствам таго, што на яе наклалі некалькі спагнаньняў».

Адно зь іх было накладзенае за тое, што Марыя нібыта знаходзілася ў працоўны час у непрацоўным месцы, паведаміла Хоміч.

Два іншыя — за тое, што Марыя камусьці нібыта нагрубіяніла. Тацяна лічыць гэтыя прычыны для пакараньня надуманымі і называе гэта спосабам ціску на сястру. Паводле яе, Марыя заўсёды размаўляе ветліва і паважліва.

Па словах Тацяны, Марыя ў панядзелак пры сустрэчы з бацькам расказала, што прасіла перадаць яму аб сваім дыягназе (прабадная язва. — РС) некалькі разоў.

«І яна вельмі зьдзівілася, калі тата сказаў, што цягам мінулага тыдня, калі ён сустракаўся зь лекарам, так і не сказалі, які ў яе дыягназ».

Прычыны раптоўнага пагаршэньня здароўя сястры Тацьцяна назваць ня можа, бо ў Марыі не было належнага абсьледаваньня ў зьняволеньні.

«Вядома, гэта можа быць стрэс, але ёсьць і іншыя прычыны. Вядома, павінны быць праведзены адпаведныя аналізы. Але, разумеючы тыя ўмовы, у якіх Марыя знаходзіцца, і тое, што стрэс зьяўляецца частай прычынай язвы, хутчэй за ўсё, гэта стала прычынай. І зьмяшчэньне ў ШЫЗА — гэта вельмі вялікі стрэс для любога чалавека».

Таксама Тацяна пракамэнтавала адзіную фатаграфію зь лякарні, дзе Аляксандар Калесьнікаў трымае за руку Марыю, якая усьміхаецца.

«Насамрэч я таксама вельмі рада была ўбачыць Марыю на гэтым здымку. Цэлы вечар панядзелка я яго разглядала. Відаць, што Марыя схуднела. Але хаця б тата змог убачыць, што яна жывая. І, вядома, тут таксама варта сказаць, што гэта была ня першая сустрэча за гэтыя два гады, але гэта быў першы раз, калі яны змаглі адно да аднаго дакрануцца і абняцца».

Марыя Калесьнікава ў турэмнай лякарні з бацькам
Марыя Калесьнікава ў турэмнай лякарні з бацькам

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG