Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйных партыяў у Беларусі больш ня будзе. Палата прадстаўнікоў зацьвердзіла адпаведны закон


Зразумела, закон наўпрост не забараняе існаваньне апазыцыйных партый. Але сутнасьць яго — менавіта ў гэтым. Зьдзіўляцца выпадае хіба таму, што за партыі ўзяліся так позна.

Сьцісла

  • Новыя законы аб партыях — юрыдычная база і пралёг для ліквідацыі «няправільных» палітычных партыяў.
  • Закон стварае шмат фармальных і нефармальных падставаў для ліквідацыі любых партыяў.
  • Прычыны, паводле якіх за партыі ўзяліся ў апошнюю чаргу, пасьля СМІ і NGO, — адсутнасьць фактаў замежнага фінансаваньня партыяў і іх адносна невялікая роля ў палітычных працэсах апошніх гадоў.
  • У 2024 годзе ў Беларусі адбудуцца парлямэнцкія і мясцовыя выбары.
  • Ліквідацыя існых непраўладных партыяў пазбавіць іх нават тых нешматлікіх магчымасьцяў на гэтых выбарах, якія яны цяпер паводле закону маюць.

Сёньня Палата прадстаўнікоў у двух чытаньнях прыняла праект закону «Аб зьмене законаў у пытаньнях дзейнасьці палітычных партый і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў».

Закон утрымлівае шэраг новых бар’ераў для ўтварэньня і свабоднай дзейнасьці палітычных абʼяднаньняў.

  • «Парог» мінімальнай колькасьці чальцоў партыі падвышаецца да 5 тысячаў чалавек.

Змабілізаваць такую колькасьць чальцоў партыі было і раней няпростай праблемай. А цяпер, ва ўмовах няспыннага палітычнага перасьледу нават за «няправільны» колер шкарпэтак і камэнт у сацсетках, гэта ўяўляецца практычна невыканальнай задачай.

  • Узьнімаецца ўзровень рэгіянальнага прадстаўніцтва — структуры партыі павінны існаваць ня менш як у траціне раёнаў у кожнай вобласьці і ў Менску.

Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў напісаў у сваім ФБ, што спробы кіраванай ім партыі зарэгістраваць рэгіянальныя структуры скончыліся марна. А няма належнай колькасьці структураў — няма партыі.

  • Заснавальнікамі партыі цяпер павінны быць асобы, якія стала жывуць у Беларусі.

У цяперашняй сытуацыі, калі значная частка палітыкаў апынулася ў эміграцыі, абмежавальны характар гэтага палажэньня відавочны.

  • Законам прадугледжаная ліквідацыя партыяў «у выпадку прапаганды вайны, тэрарыстычнай, экстрэмісцкай, іншай забароненай заканадаўствам дзейнасьці, дзейнасьці, якая наносіць шкоду дзяржаўным і (або) грамадзкім інтарэсам».

Варта зьвярнуць увагу на тое, што размова ідзе ня толькі аб прамым парушэньні законаў. Шкода дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам можа трактавацца як заўгодна шырока.

  • Нарэшце, на працягу 6 месяцаў прадугледжаная абавязковая перарэгістрацыя існых партыяў.

Іншымі словамі, дэдлайн «суднага дня» для «няправільных» партыяў вызначаны і абвешчаны.

З пунктаў, якія пашыраюць магчымасьці партыяў, можна адзначыць хіба палажэньне аб магчымасьці іх фінансаваньня зь бюджэтаў — дзяржаўнага і мясцовых. Няцяжка здагадацца, якія менавіта партыі змогуць разьлічваць на такую ласку.

Адносна ж тых партыяў, якім на ласку ўлады разьлічваць не выпадае, новы закон дае велізарную колькасьць магчымасьцяў спыніць іх дзейнасьць — магчымасьцяў і фармальных, і нефармальных. Няма належнай колькасьці чальцоў — партыя не праходзіць рэгістрацыі. Вырашаць чыноўнікі Мінʼюсту, што дзейнасьць партыі наносіць шкоду дзяржаўным інтарэсам — партыя ізноў жа перастае існаваць.

Нешта падказвае, што новы закон менавіта так і будзе працаваць.

З улікам хады палітычных працэсаў у Беларусі ў апошнія гады варта зьдзіўляцца не таму, што «няправільныя» партыі нарэшце вырашылі зьліквідаваць, а таму, што гэта адбываецца так позна. Незалежныя СМІ ў краіне ліквідаваныя, сотні грамадзкіх арганізацыяў — ліквідаваныя, незалежныя прафсаюзы ліквідаваныя. А партыі як інстытуты, як арганізацыі — не. Пры тым, што шмат чальцоў партыяў сталі ахвярамі рэпрэсіяў, у тым ліку і іх кіраўнікі (Рыгор Кастусёў — БНФ, Мікалай Казлоў — АГП), але самі партыі — да гэтага часу не.

Можна меркаваць пра розныя прычыны гэтага. Беларускія ўлады ў сваім бачаньні і разуменьні палітычных працэсаў кіруюцца тэорыямі змовы. На іх погляд, любая сурʼёзная пратэставая і апазыцыйная дзейнасьць інсьпіруецца, падбухторваецца і фінансуецца з-за мяжы.

Менавіта сувязямі грамадзкіх арганізацыяў з замежжам Аляксандар Лукашэнка ў 2021 годзе тлумачыў неабходнасьць іх зьнішчэньня. Многія з гэтых арганізацыяў былі ліквідаваныя фактычна адно за наяўнасьць такіх сувязяў.

З партыямі было ня так. Беларускае заканадаўства забараняе ім атрымліваць замежнае фінансаваньне. Але менавіта партыі ў Беларусі заходнія дзяржавы і фонды фінансава не падтрымлівалі, бо гэта забараняе іх нацыянальнае заканадаўства.

А няма фінансавай дапамогі з-за мяжы — з пункту гледжаньня ўладаў як бы і віна прынамсі меншая.

Яшчэ адно тлумачэньне, чаму партыі да апошняга часу мілавалі, — гэта зьмена іх ролі ў палітычным працэсе ў Беларусі. Напрыканцы 80-х — на пачатку 90-х рэй у беларускай палітыцы вёў БНФ, у Вярхоўным Савеце ХІІІ скліканьня істотную ролю адыгрывалі дэпутаты ад АГП, адзіны кандыдат у прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч быў вылучаны ў 2005 годзе на Кангрэсе дэмакратычных сілаў, у якім ладную частку дэлегатаў складалі прадстаўнікі партыяў.

Паводле свайго функцыянальнага прызначэньня партыі — гэта інстытуты палітычнага прадстаўніцтва і мабілізацыі. Але недзе зь сярэдзіны нулявых гадоў гэтае іх значэньне ўвесь час зьніжалася. І ў 2010, і ў 2015, і ў 2020 гадах на прэзыдэнцкіх выбарах галоўныя альтэрнатыўныя кандыдаты ня мелі дачыненьня да партыяў. У 2020 годзе нізкая папулярнасьць партыйных праймэрыз на пачатку году моцна кантраставала з выбухам папулярнасьці непартыйных Віктара Бабарыкі, Сяргея і Сьвятланы Ціханоўскіх і Валера Цапкалы.

Чальцы партыяў бралі ўдзел у пратэстах, некаторыя зь іх і цяпер адыгрываюць пэўныя ролі ў камандах лідэраў дэмакратычных сілаў. Але роля партыяў менавіта як арганізацыяў у апазыцыйнай палітыцы даволі абмежаваная ўжо апошнія 15 гадоў.

Нарэшце, цяперашні закон аб партыях — частка пабудовы новага палітычнага дызайну, этапам якой быў канстытуцыйны рэфэрэндум 2022 году, а наступнымі — парлямэнцкія і мясцовыя выбары 2024 году, фармаваньне новага, стала дзейнага Ўсебеларускага народнага сходу і нарэшце — прэзыдэнцкія выбары 2025 году. Паводле дзейнага заканадаўства, існыя палітычныя партыі маюць пэўныя магчымасьці для ўдзелу ў выбарах. Магчымасьці гэтыя вельмі абмежаваныя, але шырэйшыя, чым у грамадзкіх арганізацыяў і групаў грамадзянаў.

І з гледзішча гэтай пэрспэктывы нават «сьпячыя» партыі маглі падчас выбарчых кампаніяў 2024–2025 гадоў «прачнуцца» і сваімі фармальнымі магчымасьцямі скарыстацца. Каб гэта прадухіліць, як той казаў, усе цьвікі забіваюцца па плешку.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG